﻿ПАВОДЛЕ ЛУКАША СЬВЯТОЕ ДАБРАВЕСЬЦЕ.
1.
Як ужо многія пачалі складаць аповесьці пра добра вядомыя сярод нас падзеі, 
як пераказалі нам тое ўсе, хто з самага пачатку быў сьведкамі і слугамі Слова, - 
дык надумаўся і я, рупліва дасьледаваўшы ўсё з пачатку, па парадку апісаць табе, глыбокашаноўны Феафіле, 
каб ты ўведаў цьвёрдую аснову таго вучэньня, у якім быў настаўлены. 
У дні Ірада, цара Юдэйскага, быў сьвятар з Авіевай чаргі, імем Захар, і жонка ягоная з роду Ааронавага, імя ейнае ілізабэта. 
Абое яны былі праведныя перад Богам, жывучы паводле ўсіх запаведзяў і ўстанаўленьняў Гасподніх беспахібна. 
У іх ня было дзяцей, бо ілізабэта была няплодная, і абое былі ўжо ў сталым веку. 
Аднаго разу, калі ён у парадку сваёй чаргі служыў перад Богам, 
па жэрабі, як заведзена было ў сьвятароў, прыпала яму ўвайсьці ў храм Гасподні кадзіць, 
а ўсё мноства людзей малілася звонку ў часе каджэньня, - 
тады зьявіўся яму анёл Гасподні, стоячы па правы бок да ахвярніка кадзільнага, 
і Захар, убачыўшы яго, сумеўся, і страх агарнуў яго. 
Анёл жа сказаў яму: ня бойся, Захар, бо пачута малітва твая, і жонка твая ілізабета народзіць табе сына, і дасі яму імя Ян; 
і будзе табе радасьць і весялосьць, і многія нараджэньню ягонаму ўзрадуюцца; 
бо ён вялікі будзе перад Госпадам; ня будзе піць віна і сікеру, і Духам Сьвятым прасякнецца яшчэ ад улоньня маці сваёй; 
і многіх з-паміж сыноў Ізраілевых наверне да Госпада Бога іхняга; 
і пройдзе перад імі ў духу і ў сіле Ільлі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непакорлівым лад думак праведнікаў, каб зьявіць Госпаду народ падрыхтаваны. 
І сказаў Захар анёлу: па чым я пазнаю гэта? бо я стары, і жонка мая ў сталым веку. 
Анёл сказаў яму ў адказ: я Гаўрыіл, стаю перад Богам, і пасланы гаварыць з табою і паведаміць табе гэта; 
і вось ты будзеш маўчаць і ня зможаш гаварыць да таго дня, калі гэта збудзецца, за тое, што ты не паверыў словам маім, якія спраўдзяцца ў свой час. 
Тым часам люд чакаў Захара і зьдзіўляўся, што ён марудзіў у храме. 
А ён, выйшаўшы, ня мог гаварыць да іх; і яны зразумелі, што ён бачыў уяву ў храме; і ён рабіў ім знакі і заставаўся нямы. 
А як скончыліся дні службы ягонай, вярнуўся ў дом свой. 
Пасьля гэтых дзён зачала ілізабэта, жонка ягоная, і таілася пяць месяцаў, і казала: 
так учыніў мне Гасподзь у дні тыя, калі паглядзеў на мяне, каб зьняць зь мяне ганьбу сярод людзей. 
А на шостым месяцы пасланы быў анёл Гаўрыіл ад Бога ў горад Галілейскі, які называўся Назарэт, 
да Дзевы, заручанай з мужам, імем Язэп, з дому Давідавага; а імя ў Дзевы: Марыя. 
Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою; дабраславёная Ты сярод жанчын. 
А Яна, угледзеўшы яго, сумелася ад словаў ягоных і разважала, што б гэта было за вітаньне. 
І сказаў Ёй анёл: ня бойся, Марыя, бо Ты здабыла мілату ў Бога; 
і вось, зачнеш ва ўлоньні, і народзіш Сына, і дасі Яму імя: Ісус; 
Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Усявышняга; і дасьць Яму Гасподзь Бог пасад Давіда, бацькі Ягонага; 
і будзе валадарыць над домам Якава вечна, і Царству Ягонаму ня будзе канца. 
А Марыя сказала анёлу: як будзе гэта, калі Я мужа ня знаю? 
Анёл сказаў Ёй у адказ: Дух Сьвяты сыйдзе на Цябе, і сіла Усявышняга ахіне Цябе; таму і народжанае Сьвятое назавецца Сынам Божым; 
вось, і ілізабэта, сваячка Твая, называная няплоднаю, і яна зачала сына ў старасьці сваёй, і ёй ужо шосты месяц; 
бо ў Бога не застанецца бясьсілым ніякае слова. 
Тады Марыя сказала: вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго. І адыйшоў ад Яе анёл. 
І ўстаўшы, Марыя ў дні тыя, пасьпяшалася ў нагорную краіну, у горад Юдаў, 
і ўвайшла ў дом Захара, і прывітала ілізабэту. 
Калі ілізабэта пачула вітаньне Марыіна, варухнулася дзіцятка ў чэраве ў яе; і Елісавета напоўнілася Духам Сьвятым, 
і ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Дабраславёная Ты сярод жанчын, і дабраславёны плод улоньня Твайго! 
І адкуль гэта мне, што прыйшла Маці Госпада майго да мяне? 
Бо калі голас вітаньня Твайго дайшоў да слыху майго, варухнулася дзіцятка радасна ў чэраве маім. 
І дабрашчасная Тая, Якая паверыла, бо збудзецца сказанае Ёй ад Госпада. 
І сказала Марыя: праслаўляе душа Мая Госпада, 
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, Збаўцу Маім, 
што дагледзеў Ён пакорлівасьць рабы Сваёй; бо ад сёньня будуць шчасьціць Мяне ўсе роды, 
бо ўчыніў Мне веліч Магутны і сьвятое імя Ягонае, 
і ласка Ягоная ў роды родаў да тых, што баяцца Яго; 
зьявіў сілу рукі Сваёй; расьсеяў тых, што заносяцца думкамі сэрца свайго; 
скінуў моцных з тронаў, і ўзвысіў пакорлівых; 
галодных напоўніў дабром, а багатых пусьціў ані з чым; 
прыгарнуў Ізраіля, слугу Свайго, памятаючы пра міласэрнасьць; 
як казаў бацькам нашым, Абрагаму і семені ягонаму давеку. 
А Марыя прабыла зь ёю каля трох месяцаў і вярнулася ў дом Свой. 
А ілізабэце прысьпеў час радзіць, і яна нарадзіла сына. 
І пачулі суседзі і родзічы ейныя, што прасьцёр Гасподзь ласку Сваю над ёю, і радаваліся зь ёю. 
На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць дзіця, і хацелі назваць яго імем бацькі ягонага, Захарам. 
На гэта маці ягоная сказала: не; а назваць яго Янам. 
І сказалі ёй: нікога няма ў радзіне тваёй, хто б называўся гэтым імем. 
І пыталіся знакамі ў бацькі ягонага, як бы ён хацеў назваць яго. 
Ён папрасіў дошчачку і напісаў: Ян імя яму. І ўсе зьдзівіліся. 
І адразу разамкнуліся вусны ягоныя і язык ягоны, і ён загаварыў, славячы Бога. 
І быў страх на ўсіх, што жылі вакол іх; і расказвалі пра ўсё гэта па ўсёй нагорнай краіне Юдэйскай. 
Усе, хто чуў, паклалі гэта ў сэрца сваё і казалі: што будзе зь дзіцятка гэтага? І рука Гасподняя была зь ім. 
І Захар, бацька Ягоны, напоўніўся Духам Сьвятым і прарочыў, кажучы: 
Дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, што наведаў народ Свой і даў ратунак яму, 
і паслаў моцнага выратавальніка нам, нашчадка Давіда, слугі Свайго, 
як узьвясьціў вуснамі былых ад веку сьвятых прарокаў Сваіх, 
што ўратуе нас ад ворагаў нашых; і ад рукі ўсіх ненавісьнікаў нашых; 
учыніць міласэрнасьць бацькам нашым і ўспомніць сьвятую дамову Сваю, 
прысягу, якою прысягаў Ён Абрагаму, бацьку нашаму, даць нам, 
каб бяз страху, пасьля збавеньня ад рук ворагаў нашых, 
мы служылі Яму ў сьвятасьці і праўдзе перад Ім ва ўсе дні жыцьця нашага. 
А ты, дзіця, назавешся прарокам Усявышняга, бо ідзеш перад абліччам Госпада - падрыхтаваць шляхі Яму, 
каб разумеў народ Ягоны ратунак у дараваньні грахоў іхніх, 
праз шчырую міласэрнасьць Бога нашага, якой наведаў нас Усход з вышыні, 
прасьвятліць тых, што сядзяць у цемры і цяні сьмяротным, скіраваць ногі нашыя на шлях міру. 
А дзіця расло і мацавалася духам, і заставалася ў пустынях да дня зьяўленьня свайго Ізраілю. 
