﻿ЛУКАША.
19.
Потым Ісус увайшоў у Ерыхон і праходзіў празь яго. 
І вось, нехта на імя Закхей, начальнік мытнікаў і чалавек багаты, 
стараўся ўбачыць Ісуса, хт? Ён, але ня мог з-за людзей, бо малога быў росту; 
і забегшы наперад, залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Яму выпадала праходзіць міма яе. 
Ісус, калі прыйшоў на гэтае месца, зірнуўшы, угледзеў яго і сказаў яму: Закхей! сыдзі хутчэй, бо сёньня трэба мне быць у цябе ў доме. 
І ён пасьпешна сышоў і прыняў Яго з радасьцю. 
І ўсе, бачачы тое, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў да грэшнага чалавека. 
А Закхей, стаўшы, сказаў Госпаду: Госпадзе! палавіну маёмасьці маёй я аддам убогім і, калі каго чым пакрыўдзіў, аддам учатыракроць. 
Ісус сказаў яму: сёньня прыйшло збавеньне дому гэтаму, бо і ён сын Абрагамаў; 
бо Сын Чалавечы прыйшоў зыскаць і выратаваць тое, што загінула. 
А калі яны слухалі гэта, дадаў прытчу: бо Ён быў блізь Ерусаліма, і яны думалі, што неўзабаве павінна адкрыцца Царства Божае. 
Дык вось сказаў: нейкі чалавек высокага роду выпраўляўся ў далёкую краіну, каб атрымаць сабе царства і вярнуцца; 
і паклікаўшы дзесяць рабоў сваіх, даў ім дзесяць мінаў і сказаў ім: пускайце іх у абарот, пакуль не вярнуся. 
Але грамадзяне ненавідзелі яго і адправілі сьледам за ім пасольства, сказаўшы: ня хочам, каб ён валадарыў над намі. 
І калі вярнуўся, атрымаўшы царства, загадаў паклікаць да сябе рабоў тых, якім даў серабро, каб даведацца, хто што набыў. 
Прыйшоў першы і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла дзесяць мінаў. 
І сказаў яму: выдатна, добры раб! за тое, што ты ў малым быў верны, вазьмі пад управу дзесяць гарадоў. 
Прыйшоў другі і сказаў: гаспадару! міна твая прынесла пяць мінаў. 
Сказаў і гэтаму: і ты будзь над пяцьцю гарадамі. 
Прыйшоў трэйці і сказаў: гаспадару! вось твая міна, якую я захоўваў, загарнуўшы ў хустачку; 
бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго ня клаў, і жнеш, чаго ня сеяў. 
Гаспадар сказаў яму: тваімі вуснамі судзіцьму цябе, ліхі раб! ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру, чаго ня клаў, і жну, чаго ня сеяў; 
чаму ж ты не аддаў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, атрымаў яго з прыбыткам? 
І сказаў тым, што стаялі першыя: вазьмеце ў яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мінаў. 
І сказалі яму: гаспадару! у яго ёсьць дзесяць мінаў. 
Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае; 
а ворагаў маіх тых, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзеце сюды і набеце перада мною. 
Сказаўшы гэта, Ён пайшоў далей, уваходзячы ў Ерусалім. 
І калі наблізіўся да Віфагіі і Віфаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў Сваіх, 
сказаўшы: ідзеце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце; 
і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду. 
Пасланыя пайшлі і знайшлі, як Ён сказаў ім. 
А калі яны адвязвалі маладога асла, гаспадары ягоныя сказалі ім: навошта адвязваеце асьляня? 
Яны адказвалі: ён патрэбен Госпаду. 
І прывялі яго да Ісуса: і накінуўшы вопратку сваю на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. 
І калі Ён ехаў, пасьцілалі вопратку сваю на дарозе. 
А калі Ён наблізіўся да спуску з гары Аліўнай, усё мноства вучняў пачало ў радасьці шматгалоса славіць Бога за ўсе дзівосы, якія бачылі яны, 
кажучы: дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях! 
І некаторыя фарысэі з-паміж людзей сказалі Яму: Настаўнік! забарані вучням Тваім. 
Але Ён сказаў ім у адказ: кажу вам, што калі яны замоўкнуць, дык камяні загалосяць. 
І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па ім 
і сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх; 
бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, 
і зруйнуюць цябе, і заб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх. 
І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі, 
кажучы ім: напісана: «дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў». 
І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, 
і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго. 
