﻿ЛУКАША.
20.
У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі 
і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую? 
Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне: 
хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? 
А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?», 
а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок. 
І адказвалі: ня ведаем адкуль. 
Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю. 
І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час; 
і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым. 
Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым. 
І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі. 
Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца. 
Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб'ём яго, і спадчына ягоная будзе наша. 
І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка? 
Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе! 
Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»? 
Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць. 
І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу. 
І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля. 
І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш; 
ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не? 
А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце? 
пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя. 
Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу. 
І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі. 
Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго: 
Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму. 
Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны; 
узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны; 
узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей; 
пасьля ўсіх памерла і жонка. 
Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку. 
Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж; 
а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць, 
і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня; 
а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава. 
Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя. 
На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў. 
І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім: 
як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў? 
А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, 
пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх». 
Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму? 
І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім: 
Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах, 
якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду. 
