﻿ПАВОДЛЕ ЯНА СЬВЯТОЕ ДАБРАВЕСЬЦЕ.
1.
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Богам. 
Яно было на пачатку ў Бога: 
усё празь Яго пачалося, і безь Яго нішто не пачалося з таго, што пачало быць. 
У Ім было жыцьцё, і жыцьцё было сьвятлом людзей. 
І сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не агарнула яго. 
Быў чалавек, пасланы ад Бога; імя яму Ян; 
Ён прыйшоў дзеля сьведчаньня, каб сьведчыць пра Сьвятло, каб усе ўверавалі празь Яго; 
ён ня быў сьвятло, а быў пасланы, каб сьведчыць пра Сьвятло. 
Было Сьвятло сапраўднае, Якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у сьвет. 
У сьвеце было, і сьвет празь Яго пачаў быць, і сьвет Яго не пазнаў; 
прыйшоў да сваіх, і свае Яго не прынялі; 
а тым, якія прынялі Яго, веруючым у імя Ягонае, даў уладу быць дзецьмі Божымі, 
якія не ад крыві, ні ад хаценьня плоці, ні ад хаценьня мужа, а ад Бога нарадзіліся. 
І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца. 
Ян сьведчыць пра Яго і ўсклікаючы кажа: Гэта быў Той, пра Якога я сказаў, што Той, Хто ідзе за мною, апярэдзіў мяне, бо быў раней за мяне. 
І ад паўнаты Яго ўсе мы прынялі і мілату да мілаты; 
бо закон дадзены праз Майсея, а мілата і праўда сталіся празь Ісуса Хрыста. 
Бога ня бачыў ніхто ніколі; Адзінародны Сын, існы ва ўлоньні Айцовым, Ён адкрыў. 
І вось сьведчаньне Яна, калі Юдэі прыслалі зь Ерусаліма сьвятароў і лявітаў спытацца ў яго: хто ты? 
Ён вызнаў і ня выракся, і вызнаў: я ня Хрыстос. 
І спыталіся ў яго: а што? ты Ільля? Ён сказаў: не. Прарок? Ён адказваў: не. 
Сказалі яму: хто ж ты? каб нам даць адказ тым, што паслалі нас; што ты скажаш пра самога сябе? 
Ён сказаў: я голас таго, хто кліча ў пустыні: папраўце шлях Госпаду, як сказаў прарок Ісая. 
А пасланцы былі з фарысэяў; 
і яны спыталіся ў яго: што ж ты хрысьціш, калі ты ня Хрыстос, ня Ільля, ні прарок? 
Ян сказаў ім у адказ: я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце; 
Вось Ён Той, Хто ідзе за мною, але Які апярэдзіў мяне: я ня варты разьвязаць рэмень на абутку Ягоным. 
Гэта адбывалася ў Віфавары пры Ярдане, дзе хрысьціў Ян. 
На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету; 
Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней зя мяне; 
я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю. 
І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім; 
я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць - Хто хрысьціць Духам Сьвятым; 
і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы. 
На другі дзень зноў стаяў Ян і двое вучняў ягоных; 
і, угледзеўшы Ісуса, Які ішоў, сказаў: вось Ягня Божае. 
Пачуўшы ад яго гэтыя словы, абодва вучні пайшлі за Ісусам. 
А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: што вам трэба? Яны сказалі Яму: Равьві, - што азначае: настаўнік, - дзе жывеш? 
Кажа ім: ідзеце, і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і прабылі ў Яго дзень той. Было каля дзясятай гадзіны. 
Адзін з двух, што чулі пра Ісуса ад Яна і што пайшлі сьледам за Ім, быў Андрэй, брат Сымона Пятра. 
Ён першы знаходзіць брата свайго Сымона і кажа яму: мы знайшлі Месію, што азначае: Хрыстос. 
І прывёў яго да Ісуса. Ісус зірнуўшы на яго, сказаў: ты Сымон, сын Ёнін; ты назавешся Кіфа, што азаначае: камень (Пётр). 
На другі дзень Ісус захацеў ісьці ў Галілею, і знаходзіць Піліпа і кажа яму: ідзі за Мною. 
А Піліп быў зь Віфсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром. 
Піліп знаходзіць Натанаіла і кажа яму: мы знайшлі Таго, пра Якога пісаў Майсей у законе і прарокі, Ісуса, сына Язэпавага, з Назарэта. 
Але Натанаіл сказаў яму: з Назарэта ці ж можа быць што добрае? Піліп кажа яму: ідзі і паглядзі. 
Ісус, убачыўшы Натанаіла, які ішоў да Яго, кажа пра яго: вось, сапраўдны Ізраільцянін, у якім няма зламыснасьці. 
Натанаіл кажа Яму: чаму Ты ведаеш мяне? Ісус сказаў яму ў адказ: перш чым паклікаў цябе Піліп, калі ты быў пад смакоўніцаю, Я бачыў цябе. 
Натанаіл адказваў Яму: Равьві! Ты - Сын Божы. Ты - Цар Ізраілеў. 
Ісус сказаў яму ў адказ: ты верыш, бо Я табе сказаў: Я бачыў цябе пад смакоўніцаю; убачыш болей за гэта. 
І кажа яму: праўду, праўду кажу вам: ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага. 
