﻿ДЗЕІ СЬВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ.
1.
Першую кнігу напісаў я табе, Феафіле, пра ўсё, што Ісус рабіў і чаму вучыў ад пачатку 
аж па той дзень, калі Ён узьнёсься, даўшы праз Духа Сьвятога наказы Апосталам, якіх Ён выбраў, 
якім зьявіў Сябе жывога пасьля цярпеньняў Сваіх з многімі слушнымі доказамі, сорак дзён паказваючыся ім і апавядаючы пра Царства Божае; 
і, сабраўшы іх, Ён загадаў ім: не адлучайцеся зь Ерусаліма, а чакайце абяцанага ад Айца, пра што вы чулі ад Мяне; 
бо Ян хрысьціў вадою, а вы, празь нямнога дзён пасьля будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. 
Пасьля гэтага яны, сыйшоўшыся, пыталіся ў Яго, кажучы: ці ня гэтым часам, Госпадзе, аднаўляеш Ты царства Ізраілю? 
А Ён сказаў ім: ня вам ведаць часіны ці поры, якія Айцец назначыў Сваёй уладай; 
а вы прымеце сілу, як зыйдзе на вас Дух Сьвяты, і будзеце Мне за сьведкаў у Ерусаліме і ва ўсёй Юдэі і Самарыі і нават па край зямлі. 
Сказаўшы гэта, Ён узьнёсься на вачах у іх, і воблака ўзяло Яго з вачэй іхніх. 
І калі яны глядзелі на неба падчас ўшэсьця Ягонага, раптам сталі перад імі два мужы ў белым убраньні 
і сказалі: мужы Галілейскія! што вы стаіце і глядзіце на неба? Гэты Ісус, што ўзьнёсься ад вас на неба, прыйдзе гэтак сама, як вы бачылі Яго, калі ўзносіўся на неба. 
Тады яны вярнуліся ў Ерусалім з гары, якая называецца Аліўнай, што блізь Ерусаліма, адлеглай на дзень суботні хады. 
І як прыйшлі, увайшлі ў сьвятліцу, дзе і заставаліся, Пётр і Якаў, Ян і Андрэй, Піліп і Тамаш, Барталамей і Мацьвей, Якаў Алфееў і Сымон Зілот, і Юда, брат Якаваў; 
усе яны аднадушна былі ў малітве і ў маленьні, зь некаторымі жанчынамі і Марыяю, Маці Ісусавай, і з братамі Ягонымі. 
І ў тыя дні Пётр, стаўшы сярод вучняў, сказаў - 
(а было ж сабралася людзей каля ста дваццаці) - мужы браты! мелася спраўдзіцца тое, што ў Пісаньні прадказаў Дух Сьвяты вуснамі Давідавымі пра Юду, які навёў тых, што схапілі Ісуса; 
бо ён быў залічаны да нас і атрымаў пакліканьне да служэньня гэтага; 
але набыў зямлю несправядлівай цаною і, калі зрынуўся, раскалолася чэрава ягонае, і вывернуліся вантробы ягоныя; 
і гэта сталася вядома ўсім жыхарам Ерусаліма, так што зямля тая на айчыннай іхняй мове названа Акелдамб, што азначае «зямля крыві». 
А ў кнізе Псальмаў напісана: «хай двор ягоны пусткаю стане, і ў ім хай жывога ня будзе», і: «пасад ягоны іншы хай прыйме». 
Дык трэба, каб адзін з тых, што былі з намі праз увесь той час, калі заставаўся і гутарыў з намі Гасподзь Ісус, 
пачынаючы ад хрышчэньня Янавага па той дзень, калі Ён узьнёсься ад нас, быў разам з намі сьведкам уваскрэсеньня Яго. 
І паставілі двух: Язэпа, якога звалі Варсавам, празванага Юстам, і Мацьвія, 
і памаліліся і сказалі: Ты, Госпадзе, Сэрцаведзе ўсіх, пакажы з гэтых двух аднаго, якога Ты выбраў, 
прыняць пакліканьне гэтага служэньня і апостальства, ад якога адпаўся Юда, каб ісьці ў сваё месца. 
І кінулі на іх жэрабя, і выпала жэрабя Мацьвію, і ён далучаны да адзінаццаці апосталаў. 
