﻿ДЗЕІ.
4.
Калі яны прамаўлялі да людзей, да іх падступіліся сьвятары і начальнікі варты пры храме і садукеі, 
угневаныя, што яны вучаць людзей і прапаведуюць у Ісусе ўваскрэсеньне зь мёртвых. 
І наклалі на іх рукі і аддалі іх пад варту да раніцы; бо ўжо зьвечарэла. 
Многія з тых, што слухалі слова, уверавалі; і было такіх людзей лікам каля пяці тысяч. 
На другі дзень сабраліся ў Ерусаліме начальнікі іхнія і старэйшыны і кніжнікі, 
і Анна першасьвятар і Каяфа і Ян і Аляксандр і іншыя з роду першасьвятарскага, 
і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: якою сілаю альбо якім імем вы зрабілі гэта? 
Тады Пётр, прасякнуты Духам Сьвятым, сказаў ім: начальнікі людзкія і старэйшыны Ізраільскія! 
калі ў нас пытаюцца сёньня адказу за дабрачынства чалавеку нядужаму, як ён здаровы стаўся, 
дык хай будзе вядома ўсім вам і ўсяму народу Ізраільскаму, што імем Ісуса Хрыста Назарэя, Якога вы ўкрыжавалі, Якога Бог уваскрэсіў зь мёртвых, Ім пастаўлены ён перад вамі здаровы: 
Ён - камень, пагарджаны вамі будаўнікамі, але ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку; 
бо няма другога імя пад небам, дадзенага людзям, якім належала б нам уратавацца. 
Убачыўшы адвагу Пятра і Яна і зьмеціўшы, што яны людзі някніжныя і простыя, яны зьдзіўляліся; тым часам пазнавалі іх, што былі яны зь Ісусам; 
але бачачы ацаленага чалавека, які стаяў зь імі, нічога сказаць не маглі насуперак. 
І, загадаўшы ім выйсьці з сынедрыёна, раіліся паміж сабою, 
кажучы: што нам зрабіць з гэтымі людзьмі? бо ўсім, хто жыве ў Ерусаліме, вядома, што яны ўчынілі на яве цуд, і мы ня можам аспрэчыць гэтага; 
але, каб больш не раскрылася гэта ў народзе, з пагрозай забаронім ім, каб не казалі пра імя гэтае нікому зь людзей. 
І, паклікаўшы іх, загадалі ім зусім не прапаведаваць і ня вучыць у імя Ісуса. 
Але Пётр і Ян сказалі ім у адказ: памяркуйце, ці справядліва перад Богам - слухацца вас болей, чым Бога? 
Мы ня можам не гаварыць пра тое, што бачылі і чулі. 
А тыя, прыстрашыўшы, адпусьцілі іх, не знайшоўшы магчымасьці пакараць іх, з прычыны людзей, бо ўсе славілі Бога за тое, што адбылося; 
бо больш за сорак гадоў было таму чалавеку, зь якім сталася гэтае дзіва выздараўленьня. 
Адпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і пераказалі, што казалі ім першасьвятары і старэйшыны. 
А яны, выслухаўшы, аднадушна ўзвысілі голас да Бога і сказалі: Валадару Божа, Які стварыў неба і зямлю і мора і ўсё, што ў іх! 
Ты вуснамі бацькі нашага Давіда, раба Твайго, сказаў праз Духа Сьвятога: «чаго бунтуюць язычнікі, і народы намышляюць марнасьць? 
Паўсталі цары зямныя, і князі сабраліся разам супраць Госпада і супраць Хрыста Яго, 
бо сапраўды сабраліся ў горадзе гэтым супраць Сьвятога Сына Твайго Ісуса, памазанца Твайго, Ірад і Понцій Пілат зь язычнікамі і народам Ізраільскім, 
каб зрабіць тое, чаму быць наканавала рука Твая і рада Твая. 
І сёньня, Госпадзе, глянь на пагрозы іхнія і дай рабам Тваім з усёй сьмеласьцю гаварыць слова Тваё, 
тады як Ты прасьціраеш руку Тваю на гаеньне і на тварэньне азнакаў і цудаў імем Сьвятога Сына Твайго Ісуса. 
І, як памаліліся, здрыганулася месца, дзе яны былі сабраліся, і ўсе прасякнуліся Духам Сьвятым і абвяшчалі слова Божае сьмела. 
А ў мноства людзей, што ўверавалі, было адно сэрца і адна душа; і ніхто нічога з дастаткаў сваіх не называў сваім, а ўсё ў іх было супольнае. 
Апосталы зь вялікаю сілай сьведчылі пра ўваскрэсеньне Госпада Ісуса Хрыста; вялікая мілата была на ўсіх іх. 
Ня было сярод іх анікога ў нястачы; бо ўсе, хто валодаў землямі альбо дамамі, прадаючы іх, прыносілі грошы ад продажу 
і клалі да ног апосталаў; і кожнаму давалася, у чым хто меў патрэбу. 
Так Ёсія, празваны апосталамі Варнавам, - што азначае «сын суцяшэньня», лявіт, родам Кіпрэец, 
у якога была свая зямля, прадаўшы яе, прынёс грошы і паклаў да ног апосталаў. 
