﻿ДЗЕІ.
11.
Дачуліся апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і язычнікі прынялі слова Божае. 
І калі Пётр прыйшоў у Ерусалім, абрэзаныя дакаралі яго, 
кажучы: ты хадзіў да людзей неабрэзаных і еў зь імі. 
А Пётр пачаў ім пераказваць па парадку, кажучы: 
у горадзе Ёпіі я маліўся і ў жарсьці бачыў уяву: сыходзіў нейкі посуд, нібы вялікае палатно, за чатыры рагі апусканае зь неба, і спусьцілася да мяне; 
я паглядзеў у яго і, разглядваючы, убачыў чатырногаў зямных, зьвяроў, плазуноў і птушак нябесных. 
І пачуў я голас, які сказаў мне: устань, Пётр, закалі і еж. 
А я сказаў: не, Госпадзе, нішто паганае альбо нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае. 
І адказваў мне голас другі раз зь неба: што Бог ачысьціў, таго ты не ўважай за нячыстае. 
Гэта было тройчы; і зноў узьнялося ўсё на неба. 
І вось, у тую ж самую часіну трох чалавек, пасланых з Кесарыі да мяне, спыніліся перад домам, дзе быў я. 
Дух сказаў мне, каб я ішоў зь імі, зусім не сумняваючыся; пайшлі са мною і гэтыя шэсьць братоў, і мы прыйшлі ў дом таго чалавека. 
Ён расказаў нам, як ён бачыў у доме сваім анёла (сьвятога), які стаў і сказаў яму: пашлі ў Ёпію людзей і пакліч Сымона, якога завуць Пятром; 
ён скажа табе словы, якімі ўратуешся ты і ўвесь дом твой. 
А калі я пачаў прамаўляць, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, як і на нас спачатку. 
Тады ўзгадаў я слова Госпада, як Ён казаў: Ян хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам Сьвятым. 
І вось, калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, што ўверавалі ў Госпада Ісуса Хрыста, дык хто ж я, каб мог усупрацівіцца Богу? 
Выслухаўшы гэта, яны супакоіліся і праславілі Бога, кажучы: відаць, і язычнікам даў Бог пакаяньне ў жыцьцё. 
Тым часам тыя, што расьсеяліся ад ганеньняў, якія былі пасьля Сьцяпана, пайшлі да Фінікіі і Кіпра і Антыахіі, нікому не прапаведуючы слова, апрача Юдэяў. 
А былі сярод іх і некаторыя Кіпрэйцы і Кірынейцы, якія, прыйшоўшы ў Антыахію, прамаўлялі да Элінаў, зьвястуючы Госпада Ісуса. 
І была рука Гасподняя зь імі, і вялікае мноства ўвераваўшы навярнуліся да Госпада. 
Дайшло слова пра іх да царквы Ерусалімскай, і даручылі Варнаву ісьці ў Антыахію. 
Ён, як прыйшоў і ўбачыў мілату Божую, узрадаваўся і ўгаворваў усіх намерамі сэрца трымацца Госпада; 
бо ён быў муж добры і поўны Духа Сьвятога і веры. І прыхілілася многа людзей да Госпада. 
Потым Варнава пайшоў у Тарс шукаць Саўла і, знайшоўшы яго, прывёў у Антыахію. 
Цэлы год зьбіраліся яны ў царкве і вучылі многа людзей; і вучні ў Антыахіі ўпяршыню пачалі называцца хрысьціянамі. 
Тымі днямі прыйшлі зь Ерусаліма ў Антыахію прарокі. 
І адзін зь іх, якога звалі Агаў, устаўшы, перш абвясьціў Духам, што па ўсім сьвеце будзе вялікі голад, які і быў пры кесары Клаўдзіі; 
тады вучні пастанавілі, кожны паводле дастатку свайго, паслаць дапамогу братам, якія жывуць у Юдэі, 
што і зрабілі, паслаўшы сабранае да прасьвітараў праз Варнаву і Саўла. 
