﻿ДЗЕІ.
16.
Дайшоў ён да Дэрвіі і Лістры. І вось, там быў адзін вучань, якога звалі Цімафеем, маці ў якога была Юдэйка навернутая, а бацька Элін, 
і пра якога сьведчылі браты, што былі ў Лістры і Іканіі. 
Яго захацеў Павал ўзяць з сабою; і ўзяўшы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясьцінах; бо ўсе ведалі пра бацьку ягонага, што ён быў Элін. 
А праходзячы праз гарады, яны наказвалі вернікам выконваць пастановы, складзеныя апосталамі і прасьвітарамі ў Ерусаліме. 
І цэрквы мацаваліся вераю і штодня ўзрасталі ў ліку. 
Прайшоўшы праз Фрыгію і Галатыйскую краіну, яны ня былі дапушчаны Духам Сьвятым прапаведаваць слова ў Асіі. 
Дайшоўшы да Місіі, намерыліся ісьці ў Віфанію, але Дух не дапусьціў іх. 
Абмінуўшы Місію, сышлі яны ў Трааду. 
І была ноччу ўява Паўлу: стаў нейкі муж, Македонец, просячы ў яго і кажучы: прыйдзі ў Македонію і памажы нам. 
Пасьля гэтай уявы адразу мы пастанавілі сабе выправіцца ў Македонію, разумеючы, што заклікаў нас Гасподзь зьвеставаць там. 
І вось, выправіўшыся з Траады, мы напрасткі прыбылі ў Самафракію, а на другі дзень у Неапаль, 
а адтуль у Філіпы: гэта першы горад у той частцы Македоніі, калонія; у гэтым горадзе мы прабылі некалькі дзён. 
А ў дзень суботні мы выйшлі за горад да ракі, дзе звычайна назначалася быць маленьню, і сеўшы, гутарылі з жанчынамі, якія там сабраліся. 
І адна жанчына з горада Фіятыр, якую звалі Лідзія, гандлярка парфіраю, шаноўніца Бога, слухала; і Гасподзь расхінуў сэрца ейнае слухаць тое, што казаў Павал. 
Калі ж ахрысьцілася яна і дамашнія ейныя, дык прасіла ў нас, кажучы: калі вы прызналі мяне вернаю Госпаду, увайдзеце ў дом мой і жывеце ў мяне. І пераканала нас. 
Сталася так, што, калі мы ішлі ў малітоўны дом, сустрэлася нам адна служанка, апантаная духам вяшчунскім, якая вяшчунствам давала вялікі прыбытак гаспадарам сваім. 
Ідучы за Паўлам і за намі, яна крычала, кажучы: гэтыя людзі - рабы Бога Ўсявышняга, якія абвяшчаюць нам шлях збавеньня. 
Гэтак рабіла яна многа дзён. Павал, абурыўшыся, павярнуўся і сказаў духу: імем Ісуса Хрыста загадваю табе выйсьці зь яе. І дух выйшаў у тую ж хвіліну. 
Тады гаспадары ейныя, бачачы, што прапала надзея на прыбытак іхні, схапілі Паўла і Сілу, і павалаклі на плошчу да начальнікаў. 
І, прывёўшы іх да ваяводаў, сказалі: гэтыя людзі, Юдэі, падбухторваюць наш горад 
і прапаведуюць звычаі, якіх нам, Рымлянам, ня трэба ні прымаць, ні выконваць. 
Людзі таксама паўсталі на іх; а ваяводы, сарваўшы зь іх вопратку, загадалі біць іх кіямі 
і, даўшы ім шмат удараў, кінулі ў цямніцу, загадаўшы ахоўніку цямніцы пільна вартаваць іх; 
атрымаўшы гэтакі загад, ён кінуў іх ва ўнутраную цямніцу і ногі ім ушчаміў у калоду. 
Пад поўнач Павал і Сіла, молячыся, славілі песьняй Бога; а вязьні слухалі іх. 
Раптам стаўся вялікі землятрус, так што захістаўся падмурак цямніцы; адразу адчыніліся ўсе дзьверы, і на ўсіх кайданы паслаблі. 
Ахоўнік цямніцы, прачнуўшыся і ўбачыўшы, што дзьверы цямніцы адчыненыя, дастаў меч і хацеў закалоць сябе, думаючы, што вязьні ўцяклі. 
Але Павал абвясьціў гучным голасам, кажучы: не рабі сабе ніякае шкоды, бо ўсе мы тут. 
Той папрасіў вагню, убег у цямніцу і ў трымценьні прыпаў да Паўла і Сілы, 
і, вывеўшы іх вонкі, сказаў: дабрадзеі мае! што мне рабіць, каб уратавацца? 
А яны сказалі: веруй у Госпада Ісуса Хрыста, і ўратуешся ты і ўвесь дом твой. 
І абвясьцілі слова Гасподняе яму і ўсім, хто быў у доме ў яго. 
І, узяўшы іх у тую гадзіну ночы, ён абмыў раны іхнія і без адкладу ахрысьціўся сам і ўсе ягоныя; 
і прывёўшы іх у дом свой, участаваў іх вячэрай і ўзрадаваўся з усім домам сваім, што ўвераваў у Бога. 
А як настаў дзень, ваяводы паслалі гарадзкіх служак сказаць: адпусьці тых людзей. 
Ахоўнік вязьніцы аб'явіў пра гэта Паўлу: ваяводы прыслалі адпусьціць вас, дык вось, выйдзіце зараз і ідзеце зь мірам. 
Але Павал прамовіў да іх: нас, рымскіх грамадзянаў, бяз суду прылюдна білі і кінулі ў цямніцу, а цяпер употайкі выпускаюць? не, хай прыйдуць і самі выведуць нас. 
Гарадзкія служкі пераказалі гэтыя словы ваяводам, і тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымскія грамадзяне, 
і, прыйшоўшы, перапрасіліся ў іх і, вывеўшы, прасілі пакінуць горад. 
А яны, выйшаўшы зь цямніцы, прыйшлі ў Лідзію і, убачыўшы братоў, вучылі іх, і выправіліся. 
