﻿ДЗЕІ.
23.
Павал, паглядзеўшы на сынедрыён, сказаў: мужы браты! Я ўсім шчырым сумленьнем жыў перад Богам па сёньняшні дзень. 
А першасьвятар Ананія загадаў тым, што перад ім стаялі, біць яго па вуснах. 
Тады Павал сказаў яму: Бог цябе біцьме, сьцяна павапленая! ты сядзіш, каб судзіць па законе, і, насуперак закону, загадваеш біць мяне. 
А тыя, што перад ім стаялі, сказалі: першасьвятара Божага бэсьціш? 
Павал сказаў: я ня ведаў, браты, што ён першасьвятар; бо напісана: «начальніка ў народзе тваім ліхім словам ня гань». 
Павал, даведаўшыся, што тут адна частка - садукеі, а другая - фарысэі, узвысіў голас у сынедрыёне: мужы браты! Я фарысэй і сын фарысэя; за надзею і ўваскрэсеньне мёртвых я суд прымаю. 
І калі сказаў ён гэта, узьнікла нязгода паміж фарысэямі і садукеямі, і зборня падзялілася. 
Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсеньня, ні анёла, ні духа, а фарысэі прызнаюць і тое і другое. 
Усчаўся вялікі крык, і ўстаўшы, кніжнікі фарысэйскага боку даводзілі, кажучы: нічога благога мы не знаходзім у гэтым чалавеку; калі ж дух альбо анёл казаў яму, ня будзем пярэчыць Богу. 
Але як што разлад узмацніўся, дык тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўла, загадаў воінам сысьці, узяць яго спаміж іх і завесьці ў крэпасьць. 
У другую ноч Гасподзь, зьявіўшыся яму, сказаў: мацуйся, Паўле; бо як ты сьведчыў за Мяне ў Ерусаліме, так трэба табе сьведчыць і ў Рыме. 
А як разьвіднела, некаторыя Юдэі склалі змову, і прысягнулі ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла; 
а было больш за сорак такіх, што так прысягнулі; 
яны, прыйшоўшы да першасьвятароў і старэйшын, сказалі: мы клятваю запрысягнуліся ня есьці нічога, пакуль не заб'ём Паўла; 
Дык вось сёньня вы з сынедрыёнам дайце знак тысячніку, каб ён заўтра вывеў яго да вас, быццам вы хочаце ўважлівей дасьледаваць справу ягоную; а мы, перш чым ён наблізіцца, гатовыя забіць яго. 
Пачуўшы пра намысел гэты, сын сястры Паўлавай прыйшоў і, увайшоўшы ў крэпасьць, папярэдзіў Паўла. 
А Павал, паклікаўшы аднаго сотніка, сказаў: завядзі гэтага хлопца да тысячніка, бо ён мае нешта сказаць яму. 
Той, узяўшы яго, прывёў да тысячніка і сказаў: вязень Павал, паклікаўшы мяне, прасіў завесьці да цябе гэтага хлопца, які мае нешта сказаць табе. 
Тысячнік, узяўшы яго за руку і адышоўшыся зь ім убок, пытаўся: што такое маеш ты сказаць мне? 
Ён адказваў, што Юдэі змовіліся прасіць у цябе, каб ты заўтра вывеў Паўла ў сынедрыён, быццам яны хочуць уважлівей дасьледаваць справу ягоную. 
Але ты ня слухайся іх; бо яго пільнуюць больш за сорак чалавек зь іх, што запрысягнуліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго; і яны цяпер гатовыя, чакаюць твайго рашэньня. 
Тады тысячнік адпусьціў хлопца, сказаўшы: нікому не кажы, што ты паведаміў мне гэта. 
І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: падрыхтуйце мне воінаў пешых дзьвесьце, конных семдзесят і стралкоў дзьвесьце, каб з трэйцяй гадзіны ночы ішлі ў Кесарыю; 
падрыхтуйце таксама аслоў, каб, пасадзіўшы Паўла, пераправіць яго да правіцеля Фелікса. 
Напісаў і пісьмо такога зьместу: 
«Клаўдзій Лісій глыбокашаноўнаму правіцелю Феліксу - радавацца; 
гэтага чалавека Юдэі схапілі і гатовыя былі забіць; я, прыйшоўшы з воінамі, адабраў яго, даведаўшыся, што ён рымскі грамадзянін; 
Потым, хочучы даведацца, за што зьвінавацілі яго, прывёў яго ў сынедрыён іхні 
і выявіў, што яго вінавацяць за спрэчныя думкі адносна закону іхняга, але няма ў ім ніякае віны, вартае сьмерці альбо кайданоў. 
А як да мяне дайшло, што Юдэі намышляюць ліхое на гэтага чалавека, я адразу паслаў яго да цябе, загадаўшы і скаржнікам гаварыць на яго перад табою; будзь здаровы». 
І вось воіны, паводле загаду, узяўшы Паўла, павялі сярод ночы ў Антыпатрыду, 
а на другі дзень, пакінуўшы конных ісьці зь ім, вярнуліся ў крэпасьць. 
А тыя, прыйшоўшы ў Кесарыю і аддаўшы пісьмо правіцелю, перадалі яму і Паўла. 
Правіцель, прачытаўшы пісьмо, спытаўся, зь якой ён вобласьці, і, даведаўшыся, што з Кілікіі, сказаў: 
я выслухаю цябе, калі зьявяцца твае скаржнікі. І загадаў яму быць пад вартаю ў Ірадавай прэторыі. 
