﻿РЫМЛЯНАЎ.
10.
Браты! упадабаньне майго сэрца і малітва да Бога за Ізраіля на збавеньне. 
Бо сьведчу ім, што маюць руплівасьць Божую, а не паводле розуму. 
Бо, не разумеючы Божай праведнасьці і імкнучыся паставіць сваю праведнасьць, яны не скарыліся праведнасьці Божай; 
бо канец закона - Хрыстос, дзеля праведнасьці кожнаму веруючаму. 
Майсей піша пра праведнасьць ад закона: «чалавек, які яго выконвае, жыць будзе ім». 
А праведнасьць ад веры так кажа: «не кажы ў сэрцы тваім: хто ўзыдзе на неба?» - каб Хрыста зьвесьці; 
альбо: «хто сыдзе ў бездань?» - каб Хрыста зь мёртвых узьвесьці. 
А што кажа Пісаньне? «Блізка да цябе слова, у вуснах тваіх і ў сэрцы тваім» - слова веры, якое прапаведуем. 
Бо калі вуснамі тваімі будзеш вызнаваць Ісуса за Госпада і сэрцам тваім верыць, што Бог уваскрэсіў Яго зь мёртвых, ты выратуешся; 
бо сэрцам вераць дзеля праведнасьці, а вуснамі вызнаюць на збавеньне. 
Бо Пісаньне кажа: «кожны, хто верыць у Яго, не пасаромлены будзе». 
Тут няма розьніцы паміж Юдэем і Элінам, бо адзін Гасподзь ва ўсіх, шчодры да ўсіх, хто Яго заклікае. 
Бо «кожны, хто пакліча імя Госпада, уратуецца». 
Але як паклікаць Таго, у Каго ня ўверавалі? як верыць у Таго, пра Каго ня чулі? як пачуць без прапаведніка? 
І як прапаведаваць, калі ня будзе пасланых? як напісана: «якія прыгожыя ногі ў вястуноў міру, вястуноў добрай весткі!» 
Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: «Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?» 
Такім чынам, вера ад слуханьня, а слуханьне - ад слова Божага. 
Але пытаюся: хіба яны ня чулі? Наадварот, «па ўсёй зямлі прайшоў голас іхні, і да межаў сусьвету іхнія словы». 
Яшчэ пытаюся: хіба Ізраіль ня ведаў? Першы кажа Майсей: «Я ўзбуджу ў вас рупнасьць не народам, раздражню вас народам бязглуздым». 
А Ісая сьмела маўляе: «Мяне знайшлі тыя, хто ня шукаў Мяне, Я адкрыўся тым, хто ня пытаўся пра Мяне». 
А пра Ізраіля кажа: «цэлы дзень Я працягваў рукі Мае да люду няслухмянага і ўпарцістага». 
