﻿РЫМЛЯНАЎ.
14.
Нямоглага ў веры прымайце бяз спрэчкі пра погляды ягоныя. 
Бо адзін ўпэўнены, што можна есьці ўсё, а нямоглы есьць гародніну. 
Хто есьць, не прыніжай таго, хто ня есьць; і хто ня есьць, не асуджай таго, хто есьць: бо Бог прыняў яго. 
Хто ты, што асуджаеш чужога раба? Перад сваім гаспадаром стаіць ён ці падае; і будзе пастаўлены, бо моцны Бог, каб паставіць яго. 
Адзін адрозьнівае дзень ад дня, а другі мяркуе пра ўсякі дзень аднолькава. Кожны хай будзе цьвёрды ў сваім перакананьні. 
Хто лічыцца з днём, дзеля Госпада лічыцца; і хто ня лічыцца з днём, дзеля Госпада ня лічыцца. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу; і хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць і дзякуе Богу. 
Бо ніхто з нас ня жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе. 
А ці жывём - дзеля Госпада жывём, ці паміраем - дзеля Госпада паміраем. І таму, ці жывём, ці паміраем, - заўсёды Гасподнія. 
Бо Хрыстос дзеля таго і памёр і ажыў, каб уладарыць і над мёртвымі і над жывымі. 
А ты чаго асуджаеш брата твайго? Альбо і ты, чаго прыніжаеш брата твайго? Усе мы паўстанем на суд Хрыстовы. 
Бо напісана: «жыву Я, кажа Гасподзь: перада Мною схіліцца кожны род, і кожнае племя будзе вызнаваць Бога». 
Так, кожны з нас за сябе адкажа перад Богам. 
Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца. 
Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога ў самім сабе нячыстага; яно нячыстае толькі ў таго, хто што-небудзь лічыць нячыстым. 
Калі ж за ежу засмучаецца брат твой, дык ты ўжо ня ў любові ходзіш; ня губі тваёю страваю таго, за каго Хрыстос памёр. 
Хай ня зганіцца ваша добрае. 
Бо Царства Божае ня ежа і ня пітво, а праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу. 
Хто гэтым служыць Хрысту, той богаспадобны і варты ўхвалы людзкое. 
Дык вось, будзем імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнай навуцы. 
Дзеля ежы ня руйнуй дзеяў Божых: усё чыстае, але блага чалавеку, які есьць зь нядобрым сумленьнем. 
Лепей ня есьці мяса, ня піць віна і не рабіць нічога такога, ад чаго брат твой спатыкаецца, альбо спакушаецца, альбо зьнемагае. 
Ты маеш веру? май яе сам у сабе, перад Богам. Дабрашчасны, хто не асуджае сябе за тое, што выбірае. 
А хто сумняваецца, калі есьць, асуджаецца, бо не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, грэх. 
А Таму, Хто можа сьцьвердзіць вас, паводле зьвеставаньня майго і пропаведзі Ісуса Хрыста, паводле адкрыцьця тайны, пра якую ад вечных часоў маўчалася, 
але якая цяпер яўлена і празь Пісаньні прарочыя, па загадзе вечнага Бога, абвешчана ўсім народам для скарэньня іх веры, 
адзінаму мудраму Богу, празь Ісуса Хрыста, слава навекі. Амін. 
