﻿РЫМЛЯНАЎ.
15.
Мы, моцныя, павінны насіць немачы бясьсілых і не сабе дагаджаць: 
кожны з нас мусіць дагаджаць блізкаму, на дабро, у навучаньне. 
Бо і Хрыстос не Сабе дагаджаў, а як напісана: «ліхаслоўе тых, што ліхасловяць Цябе, упала на Мяне». 
А ўсё, што пісана было раней, напісана нам дзеля настаўленьня, каб мы цярплівасьцю і суцяшэньнем зь Пісаньняў захоўвалі надзею. 
А Бог цярплівасьці і суцяшэньня няхай дасьць вам быць у аднадумстве паміж сабою, паводле вучэньня Хрыста Ісуса, 
каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстос прыняў вас на славу Божую. 
Разумею тое, што Ісус Хрыстос зрабіўся слугою абрэзаных - дзеля ісьціны Божай, каб выканаць абяцанае бацькам, 
а язычнікам - зь літасьці, каб славілі Бога, як напісана: «за тое буду славіць Цябе, (Госпадзе), сярод язычнікаў і буду сьпяваць імені Твайму». 
І яшчэ сказана: «узьвесялецеся, язычнікі, з народам Ягоным». 
І яшчэ: «хвалеце Госпада, усе язычнікі, і праслаўляйце Яго, усе народы». 
Ісая таксама кажа: «будзе корань Есэеў, і паўстане валодаць народамі; на Яго язычнікі спадзявацца будуць». 
А Бог надзеі хай напоўніць вас усякай радасьцю і мірам у веры, каб вы, сілаю Духа Сьвятога, узбагаціліся надзеяю. 
І сам я пэўны за вас, браты мае, што і вы поўныя даброці, поўныя ўсякага веданьня і можаце настаўляць адно аднаго; 
але пісаў вам, браты, з пэўнай адвагаю, часткова як бы ў напамін вам, паводле дадзенай мне ад Бога мілаты 
быць слугою Ісуса Хрыста ў язычнікаў і выконваць сьвяшэнную службу зьвеставаньня Божага, каб гэтае прынашэньне язычнікаў, асьвечанае Духам Сьвятым, было спадобнае Богу. 
І вось, я магу пахваліцца ў Ісусе Хрысьце тым, што ідзе ад Бога; 
бо не адважуся сказаць што-небудзь такое, чаго ня ўчыніў Хрыстос празь мяне, у скарэньні язычнікаў у веру, словам і ўчынкам, 
сілаю азнакаў і цудаў, сілаю Духа Божага, так што зьвеставаньне Хрыстовае пашырана мною ад Ерусаліма і навакольляў да Ілірыка. 
Пры тым я стараўся зьвеставаць ня там, дзе ўжо было вядомае імя Хрыстовае, каб не будаваць на чужым падмурку, 
а як напісана: «каму пра Яго не абвяшчалася, убачаць, і тыя, што ня чулі, уведаюць». 
Якраз гэта шмат разоў перашкаджала мне прыйсьці да вас. 
А сёньня, ня маючы такое справы ў гэтых краінах, а з даўніх гадоў жадаючы прыйсьці да вас, 
як толькі выпраўлюся ў Іспанію, прыйду да вас. Бо спадзяюся, што, праходзячы, пабачуся з вамі, і што вы праводзіце мяне туды, як толькі нацешуся лучнасьцю з вамі, хоць трохі. 
А цяпер я іду ў Ерусалім, каб паслужыць сьвятым; 
бо Македонія і Ахая рупяцца нешта ўдзяліць бедным сярод сьвятых у Ерусаліме. 
Рупяцца, ды і вінаватыя яны перад імі. Бо, калі язычнікі зрабіліся ўдзельнікамі ў іх духоўным, дык павінны і ім паслужыць у цялесным. 
Выканаўшы гэта і верна перадаўшы ім гэты плод рупнасьці, я выпраўлюся праз вашыя мясьціны ў Іспанію, 
і ўпэўнены, што калі прыйду да вас, дык прыйду з поўным дабраславеньнем зьвеставаньня Хрыстовага. 
Тым часам малю вас, браты, Госпадам нашым Ісусам Хрыстом і любоўю Духа, паспрыяць мне ў малітвах за мяне да Бога, 
каб пазбыцца мне няверуючых у Юдэі, і каб служэньне маё Ерусаліму было даспадобы сьвятым, 
каб мне ў радасьці, калі Богу заўгодна, прыйсьці да вас і супакоіцца з вамі. 
А Бог згоды хай будзе з усімі вамі. Амін. 
