﻿ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНФЯНАЎ.
1.
Павал, воляй Божаю пакліканы апостал Ісуса Хрыста, і Сасфэн брат, 
Царкве Божай, якая ў Карынфе, асьвечаным у Хрысьце Ісусе, пакліканым сьвятым, з усімі, хто заклікае імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, у кожным месцы, у іх і ў нас: 
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
Не перастаю дзякаваць Богу майму за вас, дзеля мілаты Божай, дадзенай вам у Хрысьце Ісусе. 
Бо ў Ім вы ўзбагаціліся ўсім, усякім словам і ўсякім разуменьнем, 
бо сьведчаньне Хрыстовае сьцьвердзілася ў вас, 
так што вы ня маеце нястачы ні ў якім дараваньні, чакаючы зьяўленьня Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
Які і ўмацуе вас да канца, каб вам быць бязьвіннымі ў дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
Верны Бог, Якім вы пакліканыя да супольнасьці з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом, Госпадам нашым. 
Малю вас, браты, імем Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб усе вы гаварылі адно, і ня было паміж вамі падзелаў, а каб вы спалучаны былі ў адным духу і ў адных помыслах. 
Бо ад дамашніх Хлоіных сталася мне вядома пра вас, браты мае, што паміж вамі ёсьць незлагадзь. 
Я разумею тое, што ў вас кажуць: «я Паўлаў»; «я Апалосаў»; «я Кіфаў»; «а я Хрыстоў». 
Хіба падзяліўся Хрыстос? хіба Павал крыжаваўся за вас? альбо ў імя Паўлава вы ахрысьціліся? 
Дзякую Богу, што я нікога з вас ня хрысьціў, акрамя Крыспа і Гаія, 
каб не сказаў хто, што я хрысьціў у імя маё. 
Хрысьціў я таксама Сьцяпанаў дом; а ці хрысьціў я яшчэ каго, ня ведаю. 
Бо Хрыстос паслаў мяне ня хрысьціць, а зьвеставаць, ня ў мудрасьці слова, а каб не зьнясіліць крыж Хрыстовы. 
Бо слова пра крыж для пагібельных - юродзтва ёсьць, а нам, што ратуемся, - сіла Божая! 
Бо напісана: «Я зьнішчу мудрасьць мудрацоў, і розум разумных адкіну». 
Дзе мудрэц? дзе кніжнік? дзе суразмоўца веку гэтага? Ці не абярнуў Бог мудрасьць сьвету гэтага ў неразумнасьць? 
Бо калі сьвет сваёй мудрасьцю не спазнаў Бога ў мудрасьці Божай, дык заўгодна было Богу юродзтвам пропаведзі выратаваць веруючых. 
Бо і Юдэі патрабуюць цудаў, і Эліны шукаюць мудрасьці; 
а мы прапаведуем Хрыста ўкрыжаванага, для Юдэяў камень спатыкненьня, а для Элінаў неразумнасьць, 
а для саміх пакліканых, Юдэяў і Элінаў, Хрыста, Божую сілу і Божую мудрасьць; 
бо і буянае Божае мудрэйшае за людзей, і нямоцнае Божае мацнейшае за людзей. 
Паглядзеце, браты, хто вы, закліканыя: няшмат сярод вас мудрых па плоці, няшмат моцных, няшмат высакародных; 
але Бог выбраў буянае сьвету, каб пасароміць мудрых, і нямоглае сьвету выбраў Бог, каб пасароміць моцнае; 
і бязроднае сьвету і пагарджанае і нічога ня значнае выбраў Бог, каб зьнясіліць значнае; 
на тое, каб ніякая плоць не пахвалялася перад Богам. 
Ад Яго і вы ў Хрысьце Ісусе, Які зрабіўся нам мудрасьцю ад Бога, праведнасьцю і асьвячэньнем і адкупленьнем, 
каб было, як напісана: «хто хваліцца, хваліся Госпадам». 
