﻿1 КАРЫНФЯНАЎ.
3.
І я ня мог гутарыць з вамі, браты, як з духоўнымі, а як з плоцкімі, як зь немаўляткамі ў Хрысьце. 
Я ўзгадаваў вас малаком, а ня цьвёрдаю ежаю; бо вы яшчэ не маглі есьці яе, ды і цяпер яшчэ ня можаце. 
Бо вы яшчэ плоцкія. Бо, калі паміж вамі зайздрасьць, звады і несугалосіца, дык ці ж ня плоцкія вы? і ці ня па людзкім звычаі робіце? 
Бо, калі адзін кажа: «Я Паўлаў», а другі: «я Апалосаў», дык ці ж ня плоцкія вы? 
Хто Павал? хто Апалос? Яны толькі слугі, празь якіх вы ўверавалі, і пры тым як каму даў Гасподзь. 
Я пасадзіў, Апалос паліваў, а ўзрасьціў Бог; 
а таму і той, хто садзіць, і хто палівае, ёсьць нішто, а ўсё Бог, Які дае рост. 
І хто садзіць і хто палівае - адно; але кожны атрымае сваю ўзнагароду паводле сваёй працы. 
Бо мы супрацоўнікі ў Бога; а вы Божая ніва, Божая будова. 
Я, па дадзенай мне ад Бога мілаце, як мудры будаўнік, заклаў падмурак, а другі будуе на ім: але кожны ўважай, як будуе. 
Бо ніхто ня можа закласьці іншага падмурка, акрамя закладзенага, які ёсьць Ісус Хрыстос. 
Ці будуе хто на гэтым падмурку з золата, срэбра, каштоўных камянёў, дрэва, сена, саломы, 
дзея кожнага выявіцца: бо дзень пакажа; таму што ў вагні выкрываецца, і вагонь выпрабоўвае дзею кожнага, якая яна ёсьць. 
У каго дзея, якую ён будаваў, выстаіць, той атрымае ўзнагароду; 
а ў каго дзея згарыць, той мецьме шкоду; урэшце сам уратуецца, але так, як бы з вагню. 
Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас? 
Калі хто абкрадзе сьвятыню Божую, таго пакарае Бог, бо сьвятыня Божая сьвятая; і гэтая сьвятыня - вы. 
Ніхто не ашуквай сам сябе; калі хто з вас думае быць мудрым у веку гэтым, той хай будзе неразумны, каб быць мудрым. 
Бо мудрасьць сьвету гэтага ёсьць неразумнасьць перад Богам, як напісана: «ловіць мудрых у хітрасьці іхняй». 
І яшчэ: «Гасподзь ведае мудрошчы мудрацоў, што яны марныя». 
Таму вось, няхай ніхто ня хваліцца людзьмі, бо ўсё вашае: 
ці то Павал, ці Апалос, ці Кіфа, ці сьвет, ці жыцьцё, ці сьмерць, ці цяпершчына, а ці наступнае, - усё ваша; 
а вы - Хрыстовыя, а Хрыстос - Божы. 
