﻿1 КАРЫНФЯНАЎ.
10.
Не хачу пакінуць вас, браты, і каб вы ня ведалі, што бацькі нашыя ўсе былі пад хмараю, і ўсе прайшлі праз мора; 
і ўсе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры; 
і ўсе елі адну і тую самую духоўную страву; 
і ўсе пілі адно і тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнай скалы, якая ішла сьледам за імі; а скала тая была Ісус Хрыстос. 
Але ня шмат каго ўпадабаў Бог; бо яны панішчаны былі ў пустыні. 
А гэта былі прыклады нам, каб мы не самахоціліся на ліхое, а самахоціліся яны. 
Ня будзьце таксама ідалапаклонцамі, як некаторыя зь іх, пра якіх напісана: «людзі селі есьці і піць, і ўсталі бавіцца». 
Ня будзем блудадзейнічаць, як некаторыя зь іх блудадзейнічалі, і ў адзін дзень загінула іх дваццаць тры тысячы. 
Ня будзем спакушаць Хрыста, як некаторыя зь іх спакушалі і загінулі ад зьмеяў. 
Не наракайце, як некаторыя зь іх наракалі і загінулі ад зьнішчальніка. 
Усё гэта адбывалася зь імі, як вобразы; а апісана ў настаўленьне нам, што дасягнулі канца вякоў. 
А таму, хто думае, што ён стаіць, глядзі, каб ня ўпасьці. 
Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць. 
Таму, любасныя мае, унікайце служэньня ідалам. 
Я кажу вам як разважлівым; самі памяркуйце, пра што я кажу: 
Чара дабраславеньня, якую дабраслаўляем, ці ня ёсьць далучэньне Крыві Хрыстовай? хлеб, які ламаем, ці ня ёсьць далучэньне Цела Хрыстовага? 
Адзін хлеб, і мы многія - адно цела; бо ўсе прычашчаемся адным хлебам. 
Паглядзеце на Ізраіля па плоці: тыя, што ядуць ахвярнае, ці ня супольнікі яны ахвярніка? 
Што я кажу? ці тое, што ідал ёсьць нешта? альбо ідалаахвярнае значыць што-небудзь? 
Не; але што язычнікі, калі прыносяць ахвяры, дык прыносяць дэманам, а ня Богу; але я не хачу, каб вы былі ў супольнасьці з дэманамі. 
Ня можаце піць чару Гасподнюю і чару дэманскую; ня можаце быць супольнікамі ў гасьціне Гасподняй і ў гасьціне дэманскай. 
Няўжо мы адважымся дражніць Госпада? Хіба мы мацнейшыя за Яго? 
Усё мне можна, ды ня ўсё на карысьць; усё мне можна, ды ня ўсё навучае. 
Хай ніхто ня шукае карысьці сабе, а кожны - другому. 
Усё, што прадаецца на торжышчы, ежце не перабіраючы, дзеля спакою сумленьня; 
бо Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй. 
Калі хто зь няверных пакліча вас, і вы захочаце пайсьці, - дык усё, што вам прапануецца, ежце не перабіраючы дзеля спакою сумленьня. 
Але калі хто скажа вам: гэта ідалаахвярнае, - дык ня ежце дзеля таго, хто падказаў вам, і дзеля сумленьня; бо Гасподняя зямля, і ўсё, што на ёй. 
Сумленьне ж разумею не сваё, а іншага; бо дзеля чаго маёй свабодзе быць суджанай чужым сумленьнем? 
Калі я з удзячнасьцю ем, дык навошта мяне дакараць за тое, за што я дзякую? 
Дык жа, ці ясьце, ці п'яце, ці (іншае) што робіце, усё рабеце на славу Божую. 
Не давайце панады ні Юдэям, ні Элінам, ні царкве Божай, 
так, як і я дагаджаю ўсім ва ўсім, шукаючы не сабе карысьці, а многім, каб яны ўратаваліся. 
