﻿1 КАРЫНФЯНАЎ.
15.
Нагадваю вам, браты, Дабравесьце, якое я зьвеставаў вам, якое вы і прынялі, у якім і ўмацаваліся, 
якім і ратуецеся, калі настаўленьне памятаеце так, як я зьвеставаў вам, калі толькі ня марна ўверавалі. 
Бо я найперш перадаў вам, што і сам прыняў, гэта значыцца, што Хрыстос памёр за грахі нашыя, паводле Пісаньня, 
і што ён пахаваны быў і што ўваскрэс на трэйці дзень, паводле Пісаньня, 
і што зьявіўся Кіфу, потым дванаццаці; 
потым зьявіўся больш чым пяці сотням братоў у адзін час, зь якіх большая частка дагэтуль жывуць, а некаторыя і спачылі; 
потым зьявіўся Якаву, таксама ўсім апосталам; 
а пасьля ўсіх зьявіўся і мне, як нейкаму вылюдку. 
Бо я найменшы з апосталаў, і ня варты называцца апосталам, бо гнаў Царкву Божую. 
Але зь мілаты Божае я ёсьць тое, што ёсьць; і мілата Ягоная ўва мне ня была марная, але я болей за іх усіх папрацаваў; ня я, зрэшты, а мілата Божая, якая са мною. 
І вось, ці то я, ці яны, мы так прапаведуем, і вы так уверавалі. 
Калі пра Хрыста прапаведуецца, што Ён паўстаў зь мёртвых, дык як некаторыя з вас кажуць, быццам няма ўваскрэсеньня зь мёртвых? 
Калі няма ўваскрэсеньня зь мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрэс; 
а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша. 
Пры гэтым мы сталіся б тады і непраўдзівымі сьведкамі пра Бога, бо сьведчылі б пра Бога, што Ён уваскрэсіў Хрыста, Якога Ён не ўваскрэшваў, калі, гэта значыцца, мёртвыя не ўваскрасаюць; 
бо, калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс; 
а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык вера ваша марная; вы яшчэ ў грахах вашых; 
таму і памерлыя ў Хрысьце загінулі. 
І калі мы ў гэтым толькі жыцьці спадзяёмся на Хрыста, дык мы самыя няшчасныя з усіх людзей. 
Але Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых. 
Бо як сьмерць праз чалавека, так праз чалавека і ўваскрэсеньне зь мёртвых. 
Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысьце ўсе ажывуць. 
Кожны ў сваім парадку; першынец Хрыстос, потым Хрыстовыя, у прышэсьце Ягонае. 
А потым канец, калі Ён перадасьць Царства Богу і Айцу, калі скасуе ўсякае начальства і ўсякую ўладу і сілу; 
бо Яму належыць валадарыць, пакуль «пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае», 
а як апошні вораг зьнішчыцца - сьмерць, 
бо «ўсё пакарыў пад ногі Ягоныя»; калі ж сказана, што Яму ўсё падначалена, дык ясна, што акрамя Таго, Які пакарыў Яму ўсё. 
Калі ж усё ўпакорыць Яму, тады і сам Сын скарыцца Таму, Хто скарыў ўсё Яму, хай будзе Бог усё ва ўсім. 
Інакш, што робяць тыя, якія прымаюць хрышчэньне для мёртвых? Калі мёртвыя наогул не ўваскрасаюць, дык навошта і прымаюць хрышчэньне для мёртвых? 
Навошта ж і мы ўвесь час падупадаем небясьпецы? 
Я кожны дзень паміраю; прысягаю ў гэтым пахвалою вашаю, браты, якую я маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 
Разважыўшы па-людзку, калі я змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? Будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм. 
Не давайцеся ў зман; дрэнныя суполькі псуюць добрыя норавы. 
Працьверазецеся, як трэба, і не грашэце; бо на сорам вам кажу - некаторыя з вас ня ведаюць Бога. 
Але скажа хто-небудзь: як уваскрэснуць мёртвыя? і ў якім целе яны прыйдуць? 
Неразумны! тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ; 
і калі ты сееш, дык сееш ня цела будучае, а голае зерне, якое будзе, пшанічнае або іншае якое; 
але Бог дае яму цела як хоча, і кожнаму семені сваё цела. 
Ня ўсякая плоць, але інакшая плоць у людзей, інакшая плоць у жывёлін, інакшая ў рыб, інакшая ў птушак. 
Ёсьць целы нябесныя і целы зямныя: але інакшая слава ў нябесных, інакшая ў зямных; 
інакшая слава ў сонца, інакшая слава ў месяца, інакшая ў зорак; і зорка ад зоркі розьніцца славаю. 
Так і пры ўваскрэсеньні мёртвых; сеецца ў тленьні, паўстае ў нятленьні; 
сеецца ў няславе, паўстае ў славе; сеецца ў немачы, паўстае ў сіле; 
сеецца цела душэўнае, паўстае цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, ёсьць цела і духоўнае. 
Так і напісана: «першы чалавек Адам стаўся душою жывою»; а апошні Адам ёсьць дух жыватворчы. 
Але ня духоўнае раней, а душэўнае, потым духоўнае. 
Першы чалавек - зь зямлі, і зямны; другі чалавек - Гасподзь - зь неба. 
Які зь зямлі, такія зямныя; і які нябесны, такія і нябесныя; 
і як мы насілі вобраз зямнога, так будзем насіць і вобраз нябеснага. 
Але тое скажу вам, браты, што плоць і кроў ня могуць успадкаваць Царства Божага, і тленьне ня спадкуе нятленьня. 
Я кажу вам тайну, ня ўсе мы памрэм, але ўсе пераменімся; 
раптам, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць нятленьнымі, а мы пераменімся; 
бо тленнае гэтае мае апрануцца ў нятленнае, і сьмяротнае гэтае - апрануцца ў несьмяротнасьць. 
Калі ж тленьне гэтае апранецца ў нятленнасьць і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады збудзецца слова напісанае: «паглынута сьмерць перамогаю. 
Сьмерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?». 
А джала сьмерці - грэх; а сіла грэху - закон. 
Дзякаваць Богу, Які даў нам перамогу Госпадам нашым Ісусам Хрыстом. 
Дык вось, браты любасныя, будзьце цьвёрдыя, непахісныя, заўсёды майце посьпех у справе Гасподняй, ведаючы, што праца вашая не змарнее перад Госпадам. 
