﻿ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА КАРЫНФЯНАЎ.
1.
Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, і Цімафей брат Царкве Божай у Карынфе з усімі сьвятымі па ўсёй Ахаіі: 
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
Дабраславёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец міласэрнасьці і Бог усякага суцяшэньня, 
Які суцяшае нас ва ўсякай маркоце нашай, каб і мы маглі суцяшаць усіх замаркочаных тым суцяшэньнем, якім Бог суцяшае нас саміх! 
Бо як памнажаюцца ў нас цярпеньні Хрыстовыя, памнажаецца Хрыстом і суцяшэньне нашае. 
Калі церпім смуткі мы, церпім дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, якое адбываецца празь цярпеньне такіх самых пакутаў, якія і мы церпім; 
і надзея наша на вас цьвёрдая. Ці суцяшаемся мы, суцяшаемся дзеля вашага суцяшэньня і ўратаваньня, ведаючы, што вы маеце долю як у цярпеньнях нашых, так і ў суцяшэньні. 
Бо мы ня хочам пакінуць вас, браты, каб ня ведалі вы пра смутак наш, што выпаў нам у Асіі, бо над усякую меру і над сілу былі мы прыгнечаныя, так што ня мелі надзеі і жыць. 
Але самі ў сабе мелі вырак на сьмерць, каб спадзяваліся не на саміх сябе, а на Бога, Які ўваскрашае мёртвых, 
Які і выбавіў нас ад такое блізкае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяёмся, што і яшчэ выбавіць, 
калі паспрыяе і ваша малітва за нас, каб за дадзенае нам па просьбе многіх, многія падзякавалі за нас. 
Бо пахвала нашая гэтая ёсьць сьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў чысьціні і богаспадобнай шчырасьці, ня ў плоцкай мудрасьці, а ў мілаце Божай, жылі ў сьвеце, асабліва ў вас. 
І мы ня пішам вам іншага, як толькі тое, што вы чытаеце або разумееце, і што, як спадзяюся, да канца зразумееце, 
як што вы ўжо часткова і зразумелі, што мы будзем вашаю славай, як і вы - нашаю, у дзень Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
і ў гэтай пэўнасьці я зьбіраюся адведаць вас раней, каб вы яшчэ раз атрымалі мілату, 
і ад вас перайсьці ў Македонію, а з Македоніі зноў прыйсьці да вас, а вы мяне выправілі б у Юдэю. 
Маючы такі намер, ці не легкадумна я зрабіў? Альбо, што я задумваю, па плоці задумваю, так што ўва мне то «так-так», то «не-не»? 
Але верны Бог, што слова наша да вас ня было то «так», то «не». 
Бо Сын Божы Ісус Хрыстос, Якога мы, я і Сілуан і Цімафей, прапаведавалі вам, ня быў «так» і «не»; а ў Ім было «так», 
бо ўсе абяцаньні Божыя ў ім «так» і ў Ім «амін» на славу Божую праз нас. 
А Той, Хто мацуе нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог, 
Які і паклаў на нас пячатку і даў заклад Духа ў сэрцы нашыя. 
Бога заклікаю ў сьведкі на душу маю, што, шкадуючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынф, 
не таму, што быццам мы бяром уладу над вераю вашаю; але мы спрыяем радасьці вашай; бо вераю вы цьвёрдыя. 
