﻿2 КАРЫНФЯНАЎ.
3.
Ці не пачаць нам нанава знаёміцца з вамі? Няўжо патрэбныя нам, як некаторым, пахвальныя лісты да вас альбо ад вас? 
Вы - нашае пісьмо, напісанае ў сэрцах нашых, пазнаванае і чытанае ўсімі людзьмі; 
вы паказваеце сабою, што вы - пісьмо Хрыстовае, праз служэньне наша напісанае не чарнілам, а Духам Бога Жывога, не на скрыжалях каменных, а на плоцкіх скрыжалях сэрца. 
Такую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста, 
не таму, што мы самі здольныя былі вымысьліць нешта ад сябе, як бы ад сябе, а здольнасьць нашая ад Бога; 
Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, а Духа, бо літара забівае, а Дух творыць жыцьцё. 
Калі ж служэньне сьмерці, сьмертаносным літарам, выразанае на камянях, было такое слаўнае, што сыны Ізраіля не маглі глядзець на аблічча Майсеевае з прычыны мінушчае славы аблічча ягонага, 
дык наколькі ж большае павінна быць служэньне Духа ў славе! 
Бо калі служэньне асуджэньня - слава, дык тым больш пераважае ў славе служэньне апраўданьня. 
Тое праслаўленае нават ня мае ўжо славы з гэтага боку, з прычыны большае славы наступнага. 
Бо, калі мінушчае слаўнае, дык болей слаўнае тое, што застаецца жыць. 
Маючы такую надзею, мы дзейнічаем зь вялікай адвагаю, 
а ня так, як Майсей, які клаў покрыва на аблічча сваё, каб сыны Ізраіля не глядзелі на канец мінушчага. 
Але розум іхні асьлеплены: бо тое самае покрыва дагэтуль застаецца нязьнятае пры чытаньні Новага Запавету, бо здымаецца яно Хрыстом. 
Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, покрыва ляжыць на сэрцы іхнім; 
але калі зьвяртаюцца да Госпада, тады гэта покрыва здымаецца. 
Гасподзь ёсьць Дух; а дзе Дух Гасподні, там свабода. 
А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз са славы ў славу, як з Гасподняга Духа. 
