﻿2 КАРЫНФЯНАЎ.
5.
Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны. 
Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча; 
толькі б нам і апранутым не апынуцца голымі. 
Бо мы, пакуль у гэтай хаціне стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём. 
На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа. 
Дык вось, мы заўсёды лагодзімся; і як ведаем, што, пакуль сталюючыся ў целе, мы далёка да Госпада» 
бо ходзім вераю, а ня бачаньнем, 
дык мы лагодзімся і хочам лепей выйсьці зь цела і ўсталявацца ў Госпадзе, 
і таму рупліва намагаемся, ці сталюючыся, ці выходзячы, падабацца Яму; 
бо ўсім нам трэба зьявіцца перад судовым тронам Хрыстовым, каб кожнаму атрымаць згодна з тым, што ён рабіў, жывучы ў целе, добрае ці благое. 
І вось, ведаючы страх Гасподні, мы настаўляем на розум людзей, а Богу мы адкрытыя; спадзяюся, што адкрытыя і вашым сумленьням. 
Ня зноў даручаем сябе вам, а даём вам нагоду хваліцца намі, каб мелі вы што сказаць тым, якія хваляцца абліччам, а ня сэрцам. 
Калі мы выходзім зь сябе, дык дзеля Бога; а калі сьціплыя, дык дзеля вас. 
Бо любоў Хрыстовая абдымае нас, а мы разважаем так: калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі. 
А Хрыстос за ўсіх памёр, каб тыя, што жывуць, ужо ня дзеля сябе жылі, а дзеля памерлага за іх і ўваскрэслага. 
Таму ад сёньня мы нікога ня ведаем па плоці; калі ж і ведалі Хрыста па плоці, дык сёньня ўжо ня ведаем. 
Дык вось, хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старажытнае мінула, цяпер усё новае. 
А ўсё ад Бога, Які Ісусам Хрыстом прымірыў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня, 
таму што Бог у Хрысьце прымірыў з Сабою сьвет, ня ставячы людзям у віну злачынстваў іхніх, і даў нам слова прымірэньня. 
Вось мы - пасланыцы ў імя Хрыстовае, і як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам! 
Бо Таго, Хто ня ведаў грэху, Ён зрабіў нам ахвяраю за грэх, каб мы ў Ім зрабіліся праведнымі перад Богам. 
