﻿ГАЛЯТАЎ.
4.
Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго: 
ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам. 
Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету; 
але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам, 
каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне. 
А як што вы - сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!» 
Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста. 
Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі; 
а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар'яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім? 
Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады. 
Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас. 
Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне: 
ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз, 
але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса. 
Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне. 
І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду? 
Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх. 
Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас. 
Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас. 
Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас. 
Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона? 
Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай». 
Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні. 
У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар, 
бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве; 
а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён - маці ўсім нам. 
Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа». 
Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак. 
Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня. 
Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае». 
Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай. 
