﻿ПАСЛАНЬНЕ ДА ПІЛІПЯНАЎ.
1.
Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі: 
мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас, 
заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся, 
за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня, 
упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста, 
як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце. 
Бог - сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста; 
і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе, 
каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста, 
поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую. 
Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня, 
так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім, 
і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае. 
Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста: 
адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх; 
а другія - зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне. 
Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца, 
бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста, 
пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю. 
Бо для мяне жыцьцё - Хрыстос, і сьмерць - набытак. 
А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць. 
Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей; 
а заставацца ў плоці больш патрэбна вам: 
і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры, 
каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе. 
Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця, 
і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам - выратаваньня. І гэта ад Бога; 
бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго. 
Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне. 
