﻿ПІЛІПЯНАЎ.
2.
Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць, 
дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя; 
нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе. 
Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых. 
Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе; 
Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам, 
а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек; 
упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай. 
Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя, 
каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай, 
і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца. 
Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне, 
бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні. 
Усё рабеце без нараканьня і сумненьня, 
каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце, 
ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў. 
Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас; 
за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною. 
Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам. 
Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас; 
бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту. 
А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні. 
І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною. 
Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас. 
Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй, 
бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу. 
Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы. 
Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны. 
Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане, 
бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне. 
