﻿1 ФЕСАЛОНІКІЙЦАЎ.
5.
А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты, 
бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы. 
Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць. 
Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей; 
бо ўсе вы - сыны сьвятла і сыны дня: мы - ня сыны ночы, ні цемры. 
Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца. 
Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы. 
Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне, 
таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім. 
Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце. 
Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць, 
і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою. 
Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі. 
Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім. 
Заўсёды радуйцеся. 
Бесьперастанку малецеся. 
За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце. 
Духа не гасеце. 
Прароцтваў не прыніжайце. 
Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся. 
Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе. 
Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта. 
Браты! малецеся за нас. 
Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым. 
Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам. 
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.
