﻿1 ЦІМАФЕЯ.
4.
Дух жа ясна кажа, што апошнім часам адступяцца некаторыя ад веры, слухаючы духаў спакусьнікаў і вучэньняў дэманскіх, 
праз крывадушнасьць ашуканцаў, што спалілі сумленьне сваё, 
якія забараняюць браць шлюб і есьці тое, што Бог стварыў, каб веруючыя і тыя, што ўведалі ісьціну, елі з падзякаю. 
Бо кожнае стварэньне Божае - добрасьць, і нішто ня можа асуджацца, калі прымаецца з падзякаваньнем, 
бо асьвячаецца словам Божым і малітваю. 
Унушаючы гэта братам, будзеш добры слуга Ісуса Хрыста, кормлены словамі веры і добрым вучэньнем, якому ты пасьледаваў. 
А недарэчных і бабскіх баек цурайся, а ўдасканальвай сябе ў пабожнасьці; 
бо цялеснае практыкаваньне мала карысьці дае, а пабожнасьць на ўсё прыдатная, бо мае заруку жыцьця цяперашняга і будучага. 
Слова гэта слушнае і ўсякага даверу вартае. 
Бо мы на тое і працуем і паганьбеньне церпім, што надзею маем на Бога жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найперш веруючых. 
Прапаведуй гэта і вучы. 
Ніхто хай не пагарджае маладосьцю тваёю; але будзь узорам веруючым у слове, у жыцьці, у любові, у духу, у веры, у чысьціні. 
Пакуль ня прыйду, займайся чытаньнем, настаўленьнем, вучэньнем. 
Не заняхайвай добраснага ў табе дару, які дадзены табе паводле прароцтва з ускладаньнем рук сьвятарства. 
Пра гэта турбуйся, гэтага не занядбай, каб посьпех твой усім быў відавочны. 
Пранікай у сябе і ў вучэньне, займайся гэтым пастаянна; бо, так паводзячыся, і сябе ўратуеш і слухачоў тваіх. 
