﻿ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАБРЭЯЎ.
1.
Бог, Які шмат разоў і ўсякімі спосабамі гаварыў зьвеку да бацькоў нашых праз прарокаў, 
у апошнія дні гэтыя гаварыў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, празь Якога і вякі стварыў. 
Гэты, будучы водбліскам славы Ягонай і вобразам істоты Ягонай і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, зьдзейсьніўшы Сабою ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышыні, 
будучы настолькі дасканалейшым за анёлаў, наколькі слаўнейшае перад імі ўспадкаваў Імя. 
Бо калі і каму з анёлаў сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»? 
Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «Няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя». 
Пра анёлаў сказана: «Ты творыш анёламі Сваімі духаў і слугамі Сваімі палымяны вагонь». 
А пра Сына: «трон Твой, Божа, у век веку; жазло валадараньня Твайго - жазло праўды. 
Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў беззаконьне; таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш за саўдзельнікаў Тваіх»; 
І: «у пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы - дзеля рук Тваіх; 
яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе састарацца, нібы рыза, 
і як вопратку згорнеш іх, і зьменяцца; але Ты той самы і гады Твае ня скончацца». 
Каму калі з анёлаў сказаў Бог: «сядзі праваруч Мяне пакуль пакладу Тваіх ворагаў падножжам нагам Тваім»? 
Ці ж ня ўсе яны службовыя духі, пасыланыя на служэньне тым, якія маюць успадкаваць збавеньне? 
