﻿ГАБРЭЯЎ.
5.
Бо кожны першасьвятар зь людзей выбіраны, людзям жа і пастаўляецца на служэньне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі, 
каб мог паблажаць неабазнаным і заблуканым; бо і сам абложаны немаччу, 
і таму ён павінен як за людзей, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі. 
І ніхто сам сабою ня прымае гэтага гонару, а толькі пакліканы Богам, як і Аарон. 
Так і Хрыстос ня Сам Сабе прысвоіў славу быць першасьвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»; 
як і ў іншым месцы кажа: «Ты сьвятар навек па чыне Мелхісэдэка». 
Ён, у дні плоці Сваёй, зь вялікім галашэньнем і са сьлязьмі прынёс малітвы і маленьні Таму, Хто меў моц уратаваць Яго ад сьмерці, і пачуты быў за Сваю богабаязнасьць; 
хоць Ён і Сын, аднак празь цярпеньні навучыўся паслушэнству; 
і, удасканаліўшыся, спрычыніўся да вечнага збавеньня ўсіх паслухмяных Яму, 
і быў названы ад Бога Першасьятаром па чыне Мелхісэдэка. 
Пра гэта сьлед было б нам гаварыць многа; але цяжка патлумачыць, бо вы зрабіліся няздольныя слухаць. 
Бо, мяркуючы па часе, вам належала быць настаўнікамі; але вас зноў трэба вучыць першаасновам слова Божага, і вам патрэбнае малако, а ня цьвёрдая ежа. 
Кожны, кормлены малаком, неабазнаны ў слове праўды, бо ён дзіця; 
а цьвёрдая ежа ўласьцівая дасканалым, у якіх пачуцьці навыкам прывучаны адрозьніваць дабро і зло. 
