﻿ЯКАВА.
3.
Браты мае! ня многія рабецеся настаўнікамі, ведаючы, што мы тым большай асуды дастаём, 
бо ўсе мы шмат грэшым; хто ня грэшыць у слове, той чалавек дасканалы, ён можа ацугляць і ўсё цела. 
Вось, мы ўкладваем кілзы коням у храпу, каб яны пакорыліся нам, і ўсім целам іхнім кіруем. 
Вось, і караблі, хоць якія вялікія яны і хоць якімі моцнымі вятрамі гнаныя, невялікім стырном кіруюцца, куды хоча стырнік; 
гэтак сама і язык - невялікі чэлес, але многа робіць. Паглядзі, невялікі вагонь як многа рэчыва паліць; 
і язык - вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены; 
бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай, 
а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта - неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты. 
Ім дабраславім Бога і Айца, і ім праклінаем людзей, створаных у падабенстве да Бога. 
З тых самых вуснаў сыходзяць дабраславеньне і праклён; не павінна, браты мае, гэтак быць. 
Хіба цячэ з адных вуснаў крыніцы салодкая і горкая вада? 
Ня можа, браты мае, смакоўніца радзіць масьліны альбо вінаградная лаза смоквы; гэтак сама і адна крыніца ня можа выліваць салёную і салодкую ваду. 
Ці мудры і разумны хто з вас, дакажы гэта ў дзеях добрымі паводзінамі з мудрай пакораю. 
Але калі ў сэрцы вашым вы маеце горкую зайздрасьць і сварлівасьць, дык не хвалецеся і ня хлусеце на праўду: 
гэта бо ня мудрасьць, што згары прыходзіць, а зямная, плоцкая, дэманская; 
бо дзе зайздрасьць і зьвяга, там незлагадзь і ўсё ліхое. 
А мудрасьць, якая прыходзіць згары, найперш - чыстая, потым - згодлівая, лагодная, пакорлівая, поўная мілажальнасьці і добрых пладоў, неадступная, і некрывадушная. 
А плод праўды ў міры сеецца творцамі міру. 
