﻿ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ЯНА БАГАСЛОВА.
1.
Пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі на свае вочы, што разглядвалі і што адчувалі рукі нашыя, пра Слова жыцьця, - 
бо жыцьцё зьявілася, і мы бачылі і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае вечнае жыцьцё, якое было ў Айца і зьявілася нам - 
пра тое, што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі; а нашая лучнасьць - з Айцом і Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом. 
І гэта пішам вам, каб радасьць вашая была поўная. 
І вось зьвеставаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры. 
Калі мы кажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык мы хлусім і ня ўчыняем па праўдзе; 
а калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, дык маем лучнасьць адно з адным, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху. 
Калі кажам, што ня маем грэху, ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас. 
Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды. 
Калі кажам, што мы не зграшылі, дык робім зь Яго падманшчыка, і слова Ягонага няма ў нас. 
